Грамадскае аб’яднанне “Саюз палякаў на Беларусі” з’яўляецца некамерцыйным, добраахвотным, незалежным, самакіраваным аб’яднаннем грамадзян, якія ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку аб’ядналіся на аснове агульнасці інтарэсаў для сумеснай рэалізацыі грамадзянскіх, сацыяльных, культурных і іншых правоў і жадаюць ўдзельнічаць у адраджэнні і развіцці польскай мовы і культуры.
Мэтай дзейнасці ГА “СПБ” з’яўляецца садзейнічанне адраджэнню і развіццю польскай культуры, нацыянальнаму адраджэнню і фарміраванню нацыянальнай самасвядомасці, забеспячэнне вывучэння польскай мовы, падтрымка польскай літаратурнай, мастацкай і народнай творчасці, вывучэнне, папулярызацыя дзейнасці, дасягненняў і ўкладу ў навуку, культуру выбітных палякаў, у тым ліку ўраджэнцаў Беларусі, выхаванне патрыятызму і павагі да гісторыі, прапаганда традыцый сяброўства і супрацоўніцтва польскага і беларускага народаў, супольнасьці іх гістарычных лёсаў.
На дадзены момант у СПБ зарэгістравана каля 70 абласных, гарадскіх, раённых і сельскіх аддзелаў, у склад якіх ўваходзяць некалькі тысяч чалавек. Сядзібай Саюза палякаў на Беларусі з’яўляецца Мінск (з 2013 г.).
Выбітныя постаці СПБ
Леанарда Рэўкоўская (нар. 1939) – легенда беларускай Палоніі, ганаровы старшыня раённага аддзелу СПБ ў Слоніме.
Іосіф Лучнік (1936-2015) – адзін з заснавальнікаў Саюза палякаў, шматгадовы паланійны актывіст, былы старшыня СПБ у 2005-2009 гг.
Яўген Скрабоцкі (1950-2010) – паланійны грамадскі дзеяч, галоўны рздактар газеты “Глос знад Немна” і “Магазын Польскі”, віцэ-старшыня СПБ у 2005-2010 гг.
Ізабэла Тыркін (1929-2011) – былая старшыня Лідскага аддзела Саюза палякаў, ініцыятар будаўніцтва і дырэктар Польскага дому ў Лідзе.
Казімір Свёнтэк (1914-2011) рымска-каталіцкі кардынал, адзін з заснавальнікаў польскага руху ў Беларусі, ганаровы член СПБ.
Урачыстасці і мерапрыемствы СПБ
Штогод Саюз палякаў у Беларусі пры падтрымцы з боку улад арганізуе шматлікія лакальныя і рэспубліканскія мерапрыемствы, якія дапамагаюць у захоўванні польскіх традыцый і культуры.
3 2012 года напрыканцы чэрвеня ў аграгарадку Вялікія Эйсманты ў сяброўскай атмасферы адбываецца фестываль польскай культуры і быту “Эйсмантаўскі фэст” для ўсіх тых, хто жадае адчуць прыгожае аўтэнтычнае мастацтва і пазнаёміцца з багатай польскай спадчынай. Вось ужо адзінаццаць гадоў адкрыты рэгіянальны фестываль “Паланэз” у маі збірае аматараў гэтага танца ў Слоніме. Традыцыйна фестываль пачынаецца з легендарнага паланеза “Развітанне з Радзімай” паходзячага з гэтых мясцін Міхала Клеафаса Агінскага.
3 2000 года фестываль “Аўгустоўскі канал у культуры трох народаў” ў жніўні вітае пры шлюзе Дамброўка на Гродзеншчыне гасцей з трох краін – Польшчы, Беларусі і Літвы. Аўгустоўскі канал злучае краіны і народы, а гэты фестываль даказвае, што людзі тут і там любяць спяваць і
танцаваць.
Кожны год 4 сакавіка ў дзень Святога Казіміра адбываецца кірмаш “Казюкі”. На галоўнай вуліцы у Гродне збіраюцца майстры і рамеснікі з Беларусі, Польшчы, Літвы, Украіны і Расіі,
выступаюць мастацкія ансамблі.
Адкрыты абласны дзіцячы конкурс беларускай і польскай музыкі імя Станіслава Манюшкі праводзіцца для вучняў музычных школ ужо ў трэці раз у Мінску ў маі. Конкурс праходзіць ў дзвюх намінацыях: фартэпіяна і вакал. Для конкурсу піяністаў невыпадкова выбрана музычная школа №10 у Мінску – менавіта ў гэтым будынку вучыўся выбітны кампазітар і заснавальнік беларускай і польскай оперы Станіслаў Манюшка.